Размер шрифта
A- A+
Межбуквенное растояние
Цвет сайта
A A A A
Изоображения
Дополнительно

Лещук Татьяна Васильевна

Быць прыкладам для вучняў

«Настаўніцкая газета» 02.03.2017 10:06 Людзі адукацыі

У школе ёй пашанцавала з педагогамі. Да сённяшняга часу яна згадвае многіх з іх з вялікай любоўю, павагай і цеплынёй. Кожны настаўнік быў для яе прыкладам. Такім жа прыкладам імкнецца стаць і яна для сваіх вучняў.

З Высокаўскай сярэдняй школай Камянецкага раёна ў настаўніцы пачатковых класаў Таццяны Васільеўны Ляшчук звязана ўсё жыццё. У гэтай установе адукацыі яна вучылася, а цяпер тут працуе.

— Пасля заканчэння школы планавала стаць эканамістам, але намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Валянціна Міхайлаўна Уласюк, даведаўшыся пра гэта, адгаварыла: “Табе трэба працаваць з людзьмі, а не з лічбамі”, — расказвае Т.В.Ляшчук. — Для мяне, старшыні савета дружыны школы, меркаванне гэтага педагога мела вялікае значэнне. Я прыслухалася да слоў Валянціны Міхайлаўны і звярнула ўвагу на педагогіку. Пры выбары спецыяльнасці арыентавалася на першую настаўніцу Кацярыну Андрэеўну Скам’іну, якая запомнілася як вельмі добры, мудры, ласкавы і справядлівы педагог. Класны кіраўнік настаўніца гісторыі Людміла Міхайлаўна Ткачэнка бачыла ў кожным вучню асобу. У школьныя гады здавалася, што педагог — гэта чалавек, які ўсё ведае. Але далейшае жыццё паказала, што настаўнік павінен заўсёды вучыцца.

Пасля заканчэння Брэсцкага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.С.Пушкіна Таццяну Васільеўну накіравалі ў Міжлескую сярэднюю школу Бярозаўскага раёна. Там да маладога педагога аднесліся з вялікай павагай і ўвагай. Т.В.Ляшчук не затрымалася ў гэтай школе надоўга, але ўспамінае першыя працоўныя месяцы з асаблівай цеплынёй. З 1991 года настаўніца шчыруе ў Высокаўскай сярэдняй школе.

— У выбары прафесіі не памылілася, — прызнаецца Таццяна Васільеўна. — У рабоце больш за ўсё падабаюцца зносіны з дзецьмі. Малодшыя школьнікі надзвычай даверлівыя і заўсёды пазітыўныя. У кожным дзіцяці імкнуся бачыць добрыя якасці, знайсці і развіць пэўныя здольнасці. Вучні бачаць гэта і давяраюць мне. Раблю ўсё, каб дзеці палюбілі вучыцца і дасягалі высокіх мэт. Гэта складана, але магчыма. Галоўнае — матывацыя. Захапляю школьнікаў вучобай праз гульнявую дзейнасць з элементамі спаборніцтва і інсцэніравання. У выніку такіх педагагічных хітрыкаў нават самыя пасіўныя дзеці актыўна ўключаюцца ў вучэбны працэс. Акрамя таго, вельмі важна стварыць на занятках эмацыянальны настрой і сітуацыю поспеху.

На ўроках матэматыкі, рускай і беларускай мовы Т.В.Ляшчук шырока выкарыстоўвае трэнажоры — трэнінгавыя аднатыповыя практыкаванні, падабраныя па адной тэме і накіраваныя на адпрацоўку пэўных навыкаў, прычым з давядзеннем іх да аўтаматызму. Трэнажоры прымяняюцца пры замацаванні вучэбнага матэрыялу і правядзенні самастойных і праверачных работ, а таксама ў гульнявой дзейнасці спаборніцкага характару.

— Аддаю перавагу розным метадам навучання: тлумачальна-ілюстрацыйнаму, тэставаму, праблемнага выкладання матэрыялу, мадэлявання і групавой работы, — гаворыць Таццяна Васільеўна. — Даволі часта практыкую нестандартныя віды ўрокаў. Звяртаюся да інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Вялікую ўвагу ўдзяляю даследчай дзейнасці малодшых школьнікаў, якую арганізоўваю ў пазаўрочны час. Пад маім кіраўніцтвам дзеці даследавалі беларускія імёны і іх формы, вырошчвалі крышталі і нават выраблялі тэлескоп. Вучнёўскія работы неаднаразова займалі прызавыя месцы ў раённай навукова-практычнай канферэнцыі “Я — даследчык”. Акрамя таго, дзеці актыўна ўдзельнічаюць у алімпіядным руху.

Работа з бацькамі — адзін з важных напрамкаў дзейнасці Т.В.Ляшчук. Для мам і татаў педагог праводзіць амаль штодзённыя кансультацыі.

— Раю бацькам прымаць дзіця такім, якое яно ёсць, — заўважае Таццяна Васільеўна. — Заклікаю працаваць разам з настаўнікам, а не насуперак яму, быць саюзнікамі ў агульнай справе. Пераконваю, што дзіця варта параўноўваць не з іншымі, а з тым, якім яно было ўчора і стала сёння. Прашу заўсёды знаходзіць тое, за што можна пахваліць.

Т.В.Ляшчук лічыць, што асноўная задача настаўніка пачатковых класаў заключаецца не толькі ў тым, каб навучыць дзяцей чытаць і пісаць, але і закласці ў іх асновы духоўнасці, развіць лепшыя чалавечыя якасці, сфарміраваць уменні сябраваць, працаваць з інфармацыяй, вучыцца з радасцю.

— Педагог павінен быць кампетэнтным, цярплівым і працавітым, але без шчырай любові да дзяцей гэтыя якасці бездапаможныя, — упэўнена Таццяна Васільеўна.

Педагагічная дзейнасць Т.В.Ляшчук адзначана граматамі раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму і абласнога Савета дэпутатаў. Настаўніца неаднаразова станавілася пераможцай раённых конкурсаў метадычных распрацовак урокаў і факультатыўных заняткаў. Таццяна Васільеўна ўзначальвае раённае метадычнае фарміраванне настаўнікаў пачатковых класаў і з’яўляецца аўтарам вучэбнага дапаможніка для педагогаў “Метад мадэлявання: сутнасць і прымяненне”, выпушчанага раённым аддзелам адукацыі, спорту і турызму.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.



Навіны Камянеччыны Воскресенье, 04.11.2012, 18:24. Рубрика: Людзі працы  

Пэўна, не выпадковасць, што большасць людзей завуць любімай настаўніцай першую. Тут вам і самыя памятныя школьныя гады, і самыя цікавыя, бо ўсё было ўпершыню. А спасцігаць неспазнаныя гарызонты дапамагае менавіта настаўніца пачатковых класаў. І правільна, што менавіта яе завуць другой мамай, бо заўсёды засцерагае і песціць сваіх малых, стварае паразуменне і ўтульнасць у класе. Таццяна Ляшчук, настаўніца пачатковых класаў Высокаўскай сярэдняй школы, можа ганарыцца тым, што вучні памятаюць яе як самую любімую.

Таццяна родам з Высокага. Тут скончыла школу. Вучылася ў Брэсцкім універсітэце імя А.С. Пушкіна. Ведала загадзя, што стане педагогам, калі ж выбірала спецыяльнасць, успомніла сваю першую настаўніцу Скоміну Кацярыну Андрэеўну, якая дабрынёй і мудрасцю пакінула значны след у душы. Тады здавалася, што настаўнік – гэта чалавек, які заўсёды ўсё ведае. Была ўпэўнена, што гэтаму можна навучыцца. А зараз, праз 24 гады працы, разумее, што быць настаўнікам – значыць, вучыцца заўсёды, развівацца і спазнаваць новае з кожным пакаленнем.

Для Таццяны няма дзяцей дрэнных ці харошых. Яе задача – ва ўсіх бачыць добрае і націскаць на гэтыя «кнопачкі», гадаваць дзіця. Вучні заўсёды гэта адчуваюць, вераць ёй. Для яе ўсе яны любімчыкі, і ў кожным яна знаходзіць таленты, якія дапамагае развіваць. І, вядома, правільна, калі дзеці імкнуцца да ведаў, дасягаюць чагосьці большага. Але не заўсёды добрыя адзнакі і акадэмічныя веды – заклад поспеху дзіцяці ў будучыні. Быць крэатыўным, прымаць неардынарныя рашэнні можа і тое дзіця, якое вучыцца слабей. І калі яе падапечныя выходзяць з пачатковых класаў, у іх ужо сфарміраваны асабістыя якасці, уменне працаваць у калектыве, выхаванасць і адказнасць. Настаўніца ўпэўнена ў тым, што пачатковая школа – гэта падмурак. І калі ён будзе хісткі і рыхлы, то до­бры “будынак” ў далейшым не атрымаецца.

Калі Таццяна пачынае аналізаваць, як на развіццё дзяцей уплывае тэхнічны прагрэс, заўсёды прыходзіць да высновы, што сённяшнія дзеці такія ж, як і раней. Хай нават тэлефоны і камп’ютары ў многіх зараз на першым месцы, але кніга была, ёсць і будзе лепшым падарункам, і, пэўна, няма больш годнай крыніцы атрымання ведаў і інфармацыі для развіцця асобы. Нароўні з усім астатнім пазакласнае чытанне дапамагае Таццяне спраўляцца са спакусамі малых прысвяціць больш часу тым жа камп’ютарным гульням. Яны ўсім класам заўсёды выпісваюць часопіс, які выбіраюць разам. Гэта радасць для дзяцей, зацікаўленасць, і часам яны самі пішуць у рэдакцыю, адпраўляюць фатаграфіі.

Ёсць у настаўніцы і “сакрэтнае” правіла: заўсёды ў школу прыходзіць з добрым настроем, забыць, што дома нейкія недарэчнасці. Таццяна стараецца кароткімі жартамі пазітыўна настроіць вучняў. А калі дыктоўка або кантрольная работа, то нават адпаведна апранаецца. Строгасцю адзення падкрэслівае, што гэта не толькі ўрачыстае, але і адказнае мерапрыемства, бо дзеці паказваюць свае веды.

Выхаванне і развіццё дзіцяці залежыць не толькі ад настаўнікаў. Бацькам Таццяна раіць больш размаўляць з дзецьмі, праводзіць сумесныя паездкі, тыя ж казкі чытаць. Часам здзіўляецца, што дарослыя не ведаюць самых вядомых казак. І, галоўнае, бацькі заўсёды павінны быць з настаўнікам у адной камандзе, падтрымліваць яго. Адносіны бацькоў да настаўніка адразу перадаюцца дзіцяці. А настаўнік, ставячы яму адзнаку, ставіць яе таксама і сабе. Яго парады ніяк не могуць быць шкоднымі. І калі адны паняцці і каштоўнасці культывуюцца і дома, і ў школе, калі бацькі і настаўнік заадно, то дзі­цяці гэта заўсёды толькі на карысць.

Як сапраўдная другая мама Таццяна сваім вучням стараецца даць усё самае добрае і важнае. Бо ў яе самой ёсць дзеці, ужо дарослыя. Так атрымалася, што дачка пайшла па маміных слядах, сын – па татавых. Марына скончыла ўніверсітэт імя Танка, выкладчык фізічнага выхавання і менеджэр па спорце і турызме. Працавала ў турыстычнай фірме ў Мінску, зараз пераехала ў Брэст, уладкавалася адміністратарам. Аляксей – студэнт пятага курса Брэсцкага тэхнічнага ўніверсітэта. Атрымлівае дзве спецыяльнасці: тэхнічную і эканамічную.

Родным было цяжка прывыкнуць, што ў Таццяны заўсёды ёсць заданні, ёсць стосы сшыткаў, планы… Прыходзілася не раз адкладваць сямейныя справы, таму што кожны дзень яна павінна быць перад дзецьмі ў школе. Але ў сям’і навучыліся падтрымліваць, дапамагаць.

Калегі адклікаюцца толькі добрымі словамі аб Таццяне Васільеўне, кажуць, што яна – педагог ад Бога. Многія ставяць яе прыстойнасць як прыклад для моладзі, стараюцца пераняць вопыт, вучацца працаваць з дзецьмі гэтак жа, як яна.

Дырэктар Высокаўскай СШ Генадзь Іконнікаў адзначае:

– Таццяна Васільеўна Ляшчук – адказны настаўнік. Кожны раз, калі набіраем першыя класы, бацькі імкнуцца, каб дзеці трапілі менавіта да Таццяны, у яе клас. Яна ніколі не адмаўляецца ад новых заданняў, даручэнняў. Выконвае ўсё своечасова і на высокім узроўні. На дзіцячых канферэнцыях яе вучні заўсёды займаюць прызавыя месцы. Ацэнкай яе прафесіяналізму стала і Грамата абласнога Савета дэпутатаў за важкі ўклад у развіццё адукацыі.

Анастасія ЯНКІНА.

Разделы сайта