Размер шрифта
A- A+
Межбуквенное растояние
Цвет сайта
A A A A
Изоображения
Дополнительно

Максім Багдановіч. Слова пра паэта. Нацыянальныя і агульначалавечыя матывы ў паэзіі. (9 клас)

 

Тэма ўрока ў 9 класе: Максім Багдановіч. Слова пра паэта. Нацыянальныя і агульначалавечыя матывы ў паэзіі.

Мэта: пазнаёміць вучняў з жыццём і творчасцю М.Багдановіча – класіка беларускай літаратуры.

Задачы:

1)  садзейнічаць фарміраванню ведаў вучняў пра асноўныя факты жыццёвага і творчага шляху М.Багдановіча,

2)  раскрыць шматаспектнасць лірыкі паэта і паглыбіць веды вучняў пра санет,

3)  стварыць умовы для развіцця творчага мыслення, культуры маўлення вучняў,

4)  спрыяць выхоўванню пачуцця гонару за свайго суайчынніка і цікавасці да духоўнай спадчыны роднага краю.

Тып урока: вывучэнне новага матэрыялу з элементамі перакуленага урока

Абсталяванне: прэзентацыя па творчасці, грамзапіс верша “Санет”, відэаролік вершаў, выстава фотаздымкаў, кветка з пялёсткамі.

1. Арганізацыйны момант

Выходзяць дзяўчаты, чытаюць вершы, кладуць кветкі (васількі).

Васілёчкі,рамонкі,уюнок.
Ціха крочу сцяжынкаю вузкай.
Для цябе я збіраю вянок
З сціплых кветак зямлі беларускай
Я зрываю валошкі і мак,
І, напэўна, зрываю не першай
Для цябе , беларускі юнак,
За твае незабыўныя вершы.

Словы настаўніка:

Мы табой ганарымся і плачам,
Мы нясём цябе ў сэрцы праз дым,
Нізка голаў схіляю, юнача,
Перад вечным глаголам тваім.

М.Багдановіч – гонар і боль нашай літаратуры. Жыццё яго было кароткім, як лістападаўскі дзень і хмурным, быццам позняя восень. Толькі 25 вёсен сустрэў М.Багдановіч і назаўсёды застаўся для нас маладым.

2. Актуалізацыя ведаў

Давайце прыгадаем, з якімі творамі вы знаёміліся ў папярэдніх класах. Зараз вашай увазе будзе прадстаўлены відэаролік. Пасля прагляду вы павінны будзеце назваць творы гэтага пісьменніка. (“Зімой”, “Вадзянік”, ”Маёвая песня”, “Санет” ).

Якія творы вы яшчэ памятаеце? (“Слуцкія ткачыхі”, “Трыялет“)

Калісь глядзеў на сонца я,
Мне сонца асляпіла вочы.
Ды што мне цемень вечнай ночы,
Калісь глядзеў на сонца я. (трыялет) 

3. Пастаноўка мэт і задач урока

Сёння мы прадоўжым з вамі знаёмства з жыццём і творчасцю М. Багдановіча. Даведаемся, як памяць пра Багдановіча жыве ва ўспамінах паэтаў і пісьменнікаў, паглыбім веды пра санет як форму лірыкі, прывядзем прыклады ўшанавання паэта ў сучасным свеце.

Працаваць мы будзем па наступным плане:

(план на дошцы)

  1. Асноўныя факты жыццёвага і творчага шляху
  2. Багдановіч ва ўспамінах
  3. Санет
  4. Ушанаванне памяці

4. Вывучэнне новага матэрыялу.

а) Жыццёвы і творчы шлях М. Багдановіча

- Вы атрымалі апераджальныя заданні. Адна група павінна была пазнаёміцца самастойна з жыццёвым і творчым шляхам пісьменніка, другая – прачытаць верш “Санет” і зрабіць яго аналіз.

Презентация

Зараз на экране будуць з’яўляцца слайды, якія вы павінны будзеце дапоўніць сваімі ведамі. Пасля знаёмства з біяграфіяй вы павінны будзеце выканаць самастойнае заданне. Будзьце ўважлівымі. Каменціраванне вучнямі слайдаў.

Самастойнае работа (слайд)

Дата Падзея Месца
? Нарадзіўся Максім Адамавіч Багдановіч ?
? Пераезд сям’і ?
? Быў апублікаваны яго першы твор – апавяданне “Музыка” ?
1902 ? Ніжні Ноўгарад
1911 ? ?
1913 ? ?
? ? Ялта

 

Праверка самастойнай работы (слайд)

Дата Падзея Месца
9 снежня 1891 года Нарадзіўся Максім Адамавіч Багдановіч Мінск
1892 Пераезд сям’і Гродна
06.07.1907 Быў апублікаваны яго першы твор – апавяданне “Музыка” “Наша ніва”
1902 Ніжагародская гімназія Ніжні Ноўгарад
1911 Яраслаўская гімназія Яраслаўль
1913 “Вянок” Вільня, друкарня Марціна Кухты
25 мая 1917 памёр Ялта

Фізкультхвілінка

б) Максім Багдановіч ва ўспамінах

Шчырая і натхнёная песня Максіма Багдановіча не змоўкла. Яна жыве ў шматлікіх вершах і выказваннях, прысвечаных паэту. Зараз некаторыя з іх мы праслухаем.

Вучні чытаюць вершы

Міхась Рудкоўскі “Апошняя малітва Максіма Багдановіча”

Краю мою любы,
Краю мой мілы,
Як сустрэцца з табою хацеў!
Меў бы я сілы,
Меў бы я крылы –
Ураз бы к табе паляцеў,

 

Каб прытуліцца да роднай зямліцы
Сэрцам збалелым
І з думай-жальбой,
Вечным паклонам табе пакланіцца
І развітацца з табой.

 

Лёс ужо лічыць не дні, а хвіліны…
Рана… Так рана!.. А хочацца жыць…
Над анямелаю бухтаю сіняй
Зорка Венера дрыжыць…

 

Уладзімір Караткевіч “Багдановічу”

Сцюжны час, бязмежна-суровы.
Спіць народ, нібы зерне ў раллі.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Ты прыйшоў
І гарачым словам
Рунь узняў на роднай зямлі.
Ты сказаў нам:
«Унукі Скарыны,
Дзе ваш гонар, моц і краса?
Ёсць і ў вас, як у іншых, святыня.
Не давайце святыні псам!
Не давайце з яе глуміцца,
Бо праспіць яна ясну зару,
Бо святы ізумруд заімгліцца
У пярсцёнку тваім, Беларусь».
Ты ўстаў на лютую сечу,
Бітву вечную сонца і хмар,
Узваліўшы на юныя плечы
Святагораў народны цяжар.
І не вынеслі жылы напругі:
Знік ты, лебедзь, у хвалях сівых,
Сплыў крывёю, загінуў «за другі»,
За мяне, за вас і за ўсіх.
І застаўся ты ў нашых душах,
Хоць навекі знік у палях,
Вечна светлы і вечна дужы,
Вечна юны, як наша зямля.
Мы табой ганарымся — і плачам.
Мы нясём цябе ў сэрцы праз дым.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Нізка голаў схіляю, юнача,
Перад вечным глаголам тваім.
Смела крочу цяпер у пяскі я
Перад светлай заветнай гарой,
Бо як ёсць у народа такія —
Не загіне давеку народ.

 

Уладзімір Жылка “Максім Багдановіч”

Так зайздрасна: насіць вянок паэты
І мець імя задумнае Максім,
Кахаць зямлю з яе жыццём глухім
І песняй перавіць юнацтва леты;

Ад хараства не ведаць іншай мэты
І адшукаць, што горда поўны ім,
І родны люд у руху маладым,
І зачарованых палеткаў кветы.

Ды тым цяжэй у краі чужым заўжды
Счыняць павекі й ведаць, што сюды
Не даляціць зязюлі голас летам,

Ні песня беларуская ў жніво,
І прыгадаць няраз, што мо і ў гэтым
Трагічнае схавана хараство.

 

Віктар Гардзей “Максіму Багдановічу”

Зноў усход палымнее над ніваю:
Зорны час, звонкі дзень, светлы міг.
Дабратой і пяшчотай зычліваю
Б’е крыніца паэтавых кніг.
 
Ялта веку суровага рысамі
Адлюструецца ў чысай вадзе,
А сцяжынка паміж кіпарысамі
Да блакітнай магілы вядзе…
 
Халадком ці журбою павеяна?
Васількі? Божа мой, васількі!
Тут іх Лось Еўдакія пасеяла –
І любві, і радзімы цвяткі.

 

в) санет

Настаўнік :

Вакол мяне кветкі прыгожа красуюць,
Маркона між іх я хаджу адзінок,
Аж бачу - мне сіняй галоўкай ківае
Наш родны, забыты ў цяні васілёк.

Шчаслівы той творца, які магутнасцю свайго таленту змог узняць вядомае і відавочнае для ўсіх, да ўзроўню сімвала Радзімы. Зубр - быў сімвалам у М. Гусоўскага. Бусел – сімвал Караткевіча. Максім Багдановіч – “хросны бацька” яшчэ аднаго сімвала – васілька.

Вы, канешне, заўважылі, што гэтая кветка стала сімвалам і нашага ўрока. Менавіта васількі дзяўчыты паставілі ў вазы. І зноў закрасуецца гэтая кветка на дошцы, пялёсткі якой адзначаць формы лірыкі, якія ўпершыню ў беларускую літаратуру ўвёў М. Багдановіч, каб наблізіць яе да ўзроўню сусветнай. Паэта заўсёды хвалявала праблема павышэння ўзроўню беларускай літарауры да сусветнага. З гэтымі цвёрдымі формамі верша вы пазнаёміліся ўжо ў 8 класе. Сёння больш падрабязна спынімся на санеце.

Скажыце, што гэта за жанр лірыкі? (адказы вучняў)

М. Багдановіч напісаў шмат санетаў. Лепшы з іх – “Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі”. А зараз паслухаем гэты верш (відэазапіс).

Давайце паспрабуем прааналізаваць яго.

Ці адпавядае “Санет” М. Багдановіча гэтаму жанру? Аргументуйце свой адказ!

(Так, адпавядае. Ён складаецца з 14 радкоў, якія дзеляцца на дзве часткі. Першая – два слупкі верша, другая – астатнія 6 радкоў. Страфічная будова таксама адпавядае формуле-рыфмаграме абба абба ввг дгд)

- Дакажыце, што гэта сапраўды сюжэтны верш.

(Гэта сапраўды сюжэтны твор, бо змест яго можна пераказаць. У адной забытай магіле Старажытнага Егіпта знайшли аднойчы гаршчок са жменяю насення. Зярняты засохлі, але не загінулі, не страцілі сваіх прыродных сіл).

Прачытаем першую частку верша «Санет» і прасочым за развіццём пачуццяў і думак. Як развіваюцца паэтычныя пачуцці і думкі?

(Верш пачынаецца спакойна. На пачатку паведамляецца пра месца і час, дзе адбылося тое, што ўсхвалявала паэта. У першым чатырохрадкоўі ключавым словам з’яўляецца “насенне”. Яно паўтараецца ў розных варыянтах ў другім чатырохрадкоўі. Другое чатырохрадкоўе гучыць ужо ўсхвалявана. Аўтар захоплены жыццёвай сілай зярнят, іх плоднасцю, іх моцай).

Чаму ключавымі вобразамі ў першай часцы твора выступае цэлы рад блізказначных слоў – насенне, зернейкі, збожжа?

(Словы насенне і зернейкі выкарыстаны ў прамым і пераносным значэнні. Прамое – яны прызначаны для пасеву, пераноснае – сімвалізуюць пачатак новага жыцця. Аўтар настойліва падкрэслівае плоднасць зернейкаў: яны “буйна ўскаласілі”. Вобразы насення, збожжа, зернейкаў выступаюць як сімвалы неўміручасці народа).

Якія мастацкія сродкі выкарыстаны ў першай часцы “Санета”? Якая іх роля?

(Верш пачынаецца гіпербалай – згадкай пра тысячыгоддзі палону зернейкаў, якія былі пазбаўлены жыццёвага асяроддзя, калі знаходзіліся ў магіле. Нездарма аўтар назваў месца “магілай” – не курганом, не пірамідай, не склепам. Чаму? Таму што магіла абазначае смерць. Таму асабліва ўражвае вяртанне зернейкаў да жыцця. Пры гэтым аўтар выкарыстоўвае супрацьпастаўленне засохлы, мёртвы – жывы, метафару – узбудзілася. Выкарыстоўваючы такія вобразныя сродкі, паэт даносіць да нас думку, што насенне , якое праляжала ў магіле тысячыгоддзі, здавалася б павінна быць мёртвым, а яно прарасло, напоўнілася жыццём. Гэта падкрэсліваецца эпітэтам “буйна”).

Перачытайце другую частку верша, прасачыце ў ёй за развіццём думак і пачуццяў лірычнага героя.

(Жыццяздольнасць насення ўсхвалявала аўтара. Ён адразу перанёс гэта на Беларусь .“Вось сімвал твой. Забыты краю родны!” Наша Радзіма таксама стагоддзі не мела ўмоў для паўнавартаснага жыцця.Цяпер яны з’явіліся. Аўтар верыць, што беларусы не ўпусцяць свой шанц, а выкарыстаюць яго. Таму эмацыянальная інтанацыя змяняецца разважлівай і ў той самы час ўсхваляванай).

Якія грамадска-палітычныя ўмовы жывілі аптымізм аўтара?

(Рэвалюцыя 1905-1907гг. і нацыянальна-вызваленчы рух у краіне зварушылі магутныя жыццёвыя сілы беларускага народа. І нечага народу ўдалося дасягнуць: створаны беларускія выдавецтвы ў Пецярбургу і Вільні, выдаюцца газеты і альманахі, дзейнічае тэатр І. Буйніцкага, шматлікія гурткі мастацкай самадзейнасці. Таму М.Багдановіч меў падставы сказаць: “Зварушыцца нарэшце дух народны”).

Чаму гэтае народнае імкненне да свабоды, да паўнавартаснага нацыянальнага жыцця паэт параўноўвае з крыніцай?

(Крыніца заўсёды ў руху, у абнаўленні, весела бруіцца, захапляе сваёй чысцінёй і здароўем. Абуджаны да нацыянальнага жыцця народ, як тая крынічная вада , якой удалося праз перашкоды выбіцца на прастор. Беларускі народ адолее ўсе складанасці і зойме, як казаў Янка Купала, “свой пачэсны пасаг між народамі”).

Эпіграфам да верша М. Багдановіч узяў словы Нікаля Буало (французскі паэт): “Беззаганны санет варты адзінай паэмы”. Як вы думаеце, чаму менавіта гэтыя радкі? Можна гэтую ацэнку перанесці на наш санет?

(Ёсць усе падставы лічыць гэты верш Максіма Багдановіча беззаганным і па змесце, і па форме . М.Багдановіч цалкам быў згодны з думкай Н.Буало. Сам ён патрабаваў, каб ні адно слова з санета не ўжывалася болей разу – тады санет будзе варты паэмы. А ў гэтым “Санеце” менавіта так).

Вось мы падышлі да заключнай часткі нашага ўрока “Ушанаванне памяці”.

А зараз пры дапамозе падручніка знайдзіце доказы таго, што памяць паэта ўшаноўваецца ў творах мастакоў, скульптараў, кампазітараў (праца вучняў з падручнікам). Вучні прыводзяць прыклады, настаўнік часткова вывешвае фотаздымкі на дошку. (ушанаванне паэта, помнiкi)

5. Рэфлексія

Каб даведацца, з якім настроем і пачуццямі, ведамі вы пакідаеце сёння ўрок, прапаную прадоўжыць і закончыць думку (на выбар)

  1. Я зразумеў, што М.Багдановіч…
  2. Мяне зацікавіла творчасць М.Багдановіча,бо…
  3. Я думаю, што М.Багдановіч…
  4. Для Беларусі М.Багдановіч – гэта…
  5. Самым цікавым для мяне на ўроку было…

Заключнае слова настаўніка:

М. Багдановічу прысвячаецца

 

І жыў Паэт…Жыве Паэт!
Кароткі шлях жыцця яго
Адкрыў прасцяг нам да ўсяго.
Максім, з табой мы выйшлі ў свет.
Пазнаўшы шмат нястач і бед,
“Вянок” вяртаецца да нас,
Нібы паэтава вясна.
Рандо, санет і трыялет –
Ад слоўца к слоўцу скарб святы
Нясеш, як сонца, залаты.
Шануем, любім, не забудзем
І кожны зберажом радок.
Хай Бог суддзёй усім нам будзе,
А напамінам – твой “Вянок”

Кацярына Салаўёва

Словы падзякі вучням за працу на уроку і выстаўленне адзнак.

Разделы сайта